СЭНС ЖЫЦЦЯ́ чалавека,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае прыроду вышэйшых маральных якасцей, выяўляе сацыяльна значную каштоўнасць чалавечага існавання. У межах натурфіласофіі С.ж. атаясамліваюць з імкненнем атрымаць максімум задавальненняў і асалоды (геданізм), пошукам асабістай выгады і карысці (утылітарызм), жаданнем быць шчаслівым (эўдэманізм). Трансцэндэнтная традыцыя дапускае пошук С.ж. па-за яе межамі і звязана з выяўленнем вышэйшай асабістай існасці, далучэнне да якой надае сэнс існаванню чалавека. Крыніцай і пунктам адліку тут выступае Бог ці іншы ўсеагульны надпрыродны духоўны пачатак — дух, ідэя і інш. У рэчышчы хрысц. традыцыі (каталіцызм, праваслаўе) С.ж. вызначаецца асн. запаветамі і каштоўнасцямі, выкладзенымі ў Бібліі і іншых свяшчэнных кнігах. У пратэстантызме, акрамя аўтарытэту Бібліі, важнае значэнне надаецца паўсядзённай працы ў межах свайго прызвання, асвечанага Богам, і аскетычнаму ладу жыцця. У тэорыі кармы чалавек перажывае, адпрацоўвае кармічныя праграмы, самарэалізуецца і павышае асабісты эвалюцыйны ўзровень шляхам адухаўлення матэрыі — творчасці з мэтай дасягнуць найвышэйшага ўзроўню, перарваць ланцуг пераўтварэнняў і выйсці з кругавароту зямнога жыцця. У рус. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст. праблема С.ж. разглядалася як сацыяльная, грамадская (П.Л.Лаўроў, М.К.Міхайлоўскі і інш.); духоўна-маральная, асабістая (В.В.Розанаў, У.С.Салаўёў і інш.); сінтэз боскага і чалавечага (Я.М.Трубяцкой і інш.). Разнастайнасць падыходаў да вызначэння С.ж. звязана з праблемай маральнага выбару і свабоды.
Літ.:
Смысл жизни: Антология. М., 1994;
Змысл жизни в русской философии: Конец XIX — нач. XX в. СПб., 1995;
Ничипозов Б.В. Введение в христианскую психологию: Размышления священника-психолога. М., 1994;
Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992.
С.Н.Зень.
т. 15, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)